Ці гуляеце вы ў карты? Нават калі не гуляеце, вам абавязкова трэба дадаць сабе ў калекцыю кавалачак гісторыі Гародні.
«Карты Лапіных» – гэта праект, які намі доўга і старанна рыхтаваўся, а цяпер мы рады яго вам прадставіць.
Яшчэ ў 1923 годзе ў Гарадзенскай літаграфіі братоў Аляксандра і Абрама Лапіных была пачата вытворчасць ігральных карт. З гэтага часу гарадзенскія калоды атрымалі велізарную папулярнасць сярод гараджан, а таксама заезджых гульцоў і калекцыянераў, а літаграфія атрымала назву «Першай нацыянальнай фабрыкі ігральных карт». Гарадзенскія ігральныя карты былі вядомыя сваёй якасцю, прыгажосцю і арыгінальнасцю. У некаторых калодах замест масцяў красаваліся жалуды і званочкі, а замест простых малюнкаў каралёў – сапраўдныя гістарычныя асобы.
У 1944 годзе вытворчасць карт на фабрыцы была спынена, будынак доўга пуставаў, а цяпер там адбываецца рэканструкцыя. Падчас агляду гарышча былой фабрыкі было знойдзена некалькі ігральных карт, надрукаваных там больш за 70 гадоў таму.
Менавіта гэтыя карты мы ўзяліся аднавіць для таго, каб кожны мог адчуць у сваіх руках сапраўдную гісторыю.
Кожная ігральная карта калоды адмалявана мастаком з фрагментаў арыгіналаў пад кантролем гісторыкаў, а на кашулі і каробцы намаляваны сапраўдныя эмблемы і штампы сям’і Лапіных.
У каралях калоды вы зможаце пазнаць выявы Казіміра Вялікага, Стэфана Баторыя, Жыгімонта Аўгуста, Яна Сабескага.
Існуе некалькі сотняў варыянтаў гульняў з выкарыстаннем стандартнай калоды карт. А калі гэтая калода нясе ў сабе яшчэ і гістарычную значнасць, то яна дакладна стане адным з лепшых гарадзенскіх сувеніраў, бо ў новыя “Карты Лапіных” укладзены старанні і ўменні ўжо некалькіх пакаленняў.