“Паўстанцы” носяць ганаровае званне “першай беларускамоўнай настольнай гульні”. Менавіта яны запусцілі хвалю з’яўлення новых настолак у нашай краіне і занялі сваё пачэснае месца ў гісторыі гульняў Беларусі. “Паўстанцы” – гэта першыя крокі да з’яўлення творчага згуртавання “А-чатыры”, а апантанае жаданне прыдумаць нешта новае, а самае важнае – па-беларуску, стала галоўнай прычынай іх стварэння.
Здаўна ва ўсім свеце, і ў Беларусі ў тым ліку, існавала вялікая колькасць разнастайных настольных гульняў, але аднойчы, аблазіўшы ўвесь інтэрнэт, мы расчараваліся: уласнай беларускай настольнай гульні няма. Ідэя “Паўстанцаў” з’явілася як раз тады, на пачатку, як жарт ды беларускі аналаг “Мафіі”. Але, прадумаўшы новыя, больш цікавыя правілы, мы атрымалі ў выніку унікальную гульню, гульню, што дыхае беларускай гісторыяй, мае свой каларыт і трымае да апошніх хвілін партыі.
Для ўздельнікаў гульні важна тое, што яны могуць адчуць сябе сапраўднымі гістарычнымі асобамі-удзельнікамі ўсім вядомай падзеі 1863-1864гг. – царскімі службоўцамі, простымі сялянамі ці мужнымі паўстанцамі. Больш таго – кожны з удзельнікаў можа паўплываць на вынік паўстання, і да апошніх хвілін невядома, хто пераможа. У руках гульцоў – магчымасць змяніць гісторыю!
“Паўстанцы” выйшлі ў свет у 2013 годзе. На працягу некалькіх месяцаў праходзілі актыўныя іх прэзентацыі на тэрыторыі Беларусі і нават за яе межамі. А мы за гэтыя чатыры гады атрымалі вялізную колькасць прыемных водгукаў і падзяк, чым вельмі ганарымся.
Нам вельмі прыемна падзяліцца з вамі тым, што на першы юбілей гульні, у 2018 годзе (а гэта будзе як раз 155 год з пачатку паўстання!), творчае згуртаванне “А-чатыры” плануе святочнае перавыданне “Паўстанцаў”. Аматараў першай беларускай настолкі (а таксама аматараў гісторыі і настольных гульняў увогуле) чакае мноства сюрпрызаў – новыя ілюстрацыі, цікавы дадатак і афармленне.
Пасля “Паўстанцаў” мы выдалі ўжо новыя настольныя гульні, працуем таксама над іншымі цікавымі праектамі. Але да першай нашай беларускай настолкі мы заўсёды будзем адносіцца з асаблівым пачуццём, таму што яна стала пачаткам для многага ў нашым жыцці. Гэта ідэя, якая з цікавасці і жарту перарасла ў сапраўдную падзею і дала старт усім беларускім настольным гульням.