Як добра, што ў нашым жыцці ёсць святы. Яны збіраюць людзей разам, дораць нам прыемныя пачуцці і ўспаміны. Здаўна віншаванні на святы прынята выказваць услых, запісваць у лістах ці на паштоўках. І як прыемна чарговы раз узгадаць цёплыя словы і сонечныя моманты добрых падзей, гартаючы лісткі яркай паперы з кветкамі і залацістымі літарамі.
Сёння мы хочам прапанаваць вам яшчэ адну ідэю, як надоўга пакінуць у нашай памяці віншаванні нашых сяброў і блізкіх людзей. Гэтую ідэю з выкарыстаннем “Вежы” мы падглядзелі на адной з мільёнаў старонак сучаснага інтэрнэту, і вось у чым яе сэнс.
Для стварэння арыгінальнага сувеніра бярэм звычайную драўляную “Вежу” і раздаем гасцям брускі, на каторых ім трэба запісаць асадкай ці маркерам віншаванні для гаспадара настольнай гульні. Цяпер гэта не проста “Вежа”, а сапраўдны “жывы” успамін пра ваша мерапрыемства, напоўнены цёплымі словамі і пажаданнямі, каторыя будуць радаваць свайго адрасата кожны раз ,калі ён будзе гуляць у яе з сябрамі ці проста перабіраць прыемныя навобмацак брусочкі.
Так проста зрабіць прыемны і арыгінальны падарунак любімым людзям. Давайце часцей радаваць тых, хто гэтага варты! А творчае згуртаванне “А-чатыры” з задавальненнем будзе гэтаму спрыяць.