Category

Распрацоўкі

Наша распрацоўка выйдзе ў выдавецтве “Мір Хобі”

By | Распрацоўкі

Надыйшоў час крыху прыйадкрыць завесу тайны і пахваліцца: нашу распрацоўку – настольную гульню “Вордмэн” – будзе выдаваць выдавецтва “Мір хобі”. Гульня выйдзе ужо ў гэтым годзе пад новай назвай “Агент Т9”.

Восенню мы ездзілі на фестываль “Ігракон”, дзе на пляцоўцы распрацоўшчыкаў прадставілі свой праект “Вордмэн”. Гульня спадабалася шматлікім гульцам, а таксама выдавецтву “Мір Хобі”. Зараз мы сумесна з імі актыўна дапрацоўваем гульню, і як толькі будуць новыя цікавыя навіны, абавязкова падзелімся. А ў бліжэйшы месяц падрыхтуем некалькі пастоў пра тое, як на працягу больш за два гады працавалі над гульнёй.
Стаўце лайк, калі радыя за нас!

П.С. На фота прататып гульні, які мы вазілі на “Ігракон”. Сама гульня выйдзе ў новым дызайне і, як ужо вышэй казалі, пад назвай “Агент Т9”.

«Нулявы кіламетр» расказаў пра карты фабрыкі Лапіных

By | Распрацоўкі

Аўтарскі праект Наталлі Шматко «Нулявы кіламетр» папоўніўся новым выпускам. У ім аўтар праграмы распавядае пра першую газету на тэрыторыі Беларусі, якая выдавалася ў Гродне, а таксама пра тое, як апісвалі госці наш горад у 1860 годзе, што ў XIX стагоддзі было на месцы сучаснай плошчы Леніна і навошта на ігральных картах малявалі жалуды.

З 4 сакавіка пазнавальныя перадачы, прысвечаныя гісторыі, знакавым месцам і музеям, можна ўбачыць не толькі на Youtube, але і на мясцовым тэлебачанні. Лепшыя выпускі праекта паказваюць у эфіры тэлеканала «Наш горад +» у 20.00 кожную суботу і нядзелю.

Чарнавікі

By | Распрацоўкі

Перад тым, як трапіць да вас у рукі, настольная гульня праходзіць вялікую колькасць этапаў падрыхтоўкі.

Спачатку нараджаецца ідэя, потым, як правіла, прыдумваюцца гульнявыя карткі, і мы малюем іх ад рукі на паперы. Калі ідэя падабаецца, мы шукаем на прасторах інтэрнэту цікавыя малюнкі для нашых картак, друкуем – і тэстуем. Пасля гэтага мы разам з сябрамі дапрацоўваем гульню: балансуем, прыдумваем новыя карткі, а некаторыя старыя выкідваем альбо перапісваем, дадаем новыя элементы, рэдактуем механіку. І вось калі адчуваецца, што праект атрымліваецца цікавым, нарэшце прыступаем да дызайну. Тут таксама вялікая прастора для пошукаў і ідэй: які колер лепей падабраць, якія ілюстрацыі выкарыстаць і г.д. А калі нешта робім рукамі (як у нас атрымалася з гульнёй «Паўстанцы») то дома запускаецца ледзь не цэлая вытворчасць з шыццём чахлоў, трафарэтамі, шнуроўкай. І вельмі часта ўсяго гэтага ніхто не бачыць, бо пакупнік трымае ў руках ужо гатовы праект. А на самой справе ўсё гэта адбываецца вельмі маштабна (у плане пакрытай матэрыяламі тэрыторыі дома, памочнікаў і, вядома, смецця).

Аднойчы ў госці да нас завітала наша добрая знаёмая Ірына Новік і зрабіла пару фотаздымкаў пад назвай «Чарнавікі». На іх паказаны ўвесь працэс стварэння настольнай гульні “Паўстанцы” – чарнавікі, накіды, розныя версіі гульні, запэцканыя фарбамі рукі. Фотаздымкі атрымаліся вельмі вясёлымі і жыццёвымі, таму мы вырашылі падзяліцца нашымі «кулісамі» з усімі.

Сустракайце гісторыі стварэння нашых настольных гульняў у адным фота! У іх вы пазнаеце гульні «Паўстанцы», «Мова», «Гаспадар цмокаў», «Вежа», «На трох кітах», а таксама першы чарнавы прататып нашага новага праекту «Вожыкі».